![]() |
||||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
ВЕДАЙ СВОЙ КРАЙ Яго краiна – у глыбiнi стагоддзяўКожны прыезд у Лагойск — для мяне хвалюючае спатканне з адным са старажытнейшых усходнеславянскіх гарадоў. Вось і нядаўна крочыў я па дарожках парка, любаваўся воднай плынню Гайны. У той дзень на заходняй ускраіне парка я адшукваў сляды былой ракі Лагойкі, ад якой, ёсць такая версія, узнікла назва паселішча славян-крывічоў. Toe паселішча ў X—XI стагоддзях стала абарончым пунктам, а затым і горадам на паўднёвай мяжы Полацкай дзяржавы. Старажытны цэнтр забудовы Лагожска якраз і знаходзіўся пры ўпадзенні ў Гайну яе правага прытока — рэчкі Лагойкі, якая з цягам часу абмялела, звузілася і ўрэшце зусім знікла. Аб тым, што на месцы Лагойска было паселішча ўжо ў X стагоддзі, сведчаць знойдзеныя рэчы пры археалагічных даследваннях пад кіраўніцтвам прафесара P. В. Штыхава. Між тым і аўтару гэтых радкоў пашчасціла трымаць у руках рэшткі посуду — збаноў, гаршчкоў, гладышоў, місак — вырабаў мясцовых ганчароў XV—XVI стагоддзяў. Іх я знайшоў каля цяперашняга рэстарана «Лагожск», калі будаўнікі рылі траншэю пад водаправод. Так званы «культурны пласт» зямлі ў гэтым месцы меў глыбіню паўтара-два метры. Па-сапраўднаму правесці даследванні яшчэ прадстаіць вучоным-археолагам. Я ж толькі нагадаю чытачам, што некалі ў раёне цяперашняй цэнтральнай плошчы нашага райцэнтра быў рынак і гандляры, відаць, выкідалі ў канаву ці якую яміну друз ад разбітага свайго посуду. Варта яшчэ зазначыць, што ў Лагожску была ў даўнія часы ратуша гарадской управы з вялікім гадзіннікам на ёй. Па суседству ж, узбоч цяперашняй вуліцы Камсамольскай, мелася пажарная, склады і іншыя будынкі. Насупраць, каля самай рэчкі Гайна, у далёкі час знаходзілася гарадзішча, на якім быў узведзены княжацкі замак. Падчас татара-мангольскіх набегаў (апошні з іх адбыўся ў 1508 годзе) былі разбураны палацавыя вежы старажытнага ўмацавання. У Радзівілаўскіх летапісах добра захаваліся малюнкі тых вежаў. Выявы іх можна бачыць на факсімільных знаках, рознага роду дакументах графоў Тышкевічаў і нават на паштовых марках. На месцы былых умацаванняў у пачатку XIX стагоддзя бацькам знакамітых археолагаў Яўстафія і Канстанціна Тышкевічаў быў закладзены цудоўны парк, у якім былі альтанкі, сажалкі, аранжарэя, ружоўнік, а таксама сад. З-пад старажытнага гарадзішча і Мікольскай царквы б'юць гаючыя крыніцы. Раней жа ў ваколіцах Лагойска такіх крыніц налічвалася болей за тры дзесяткі. Асобныя з іх жывілі тую ж рэчку Лагойку, а таксама Вапнянку, пра якую цяпер нагадвае невялікі ручай. Узгадаю яшчэ і тое, што гаспадыня Лагожска — князёўна з роду Ціханавецкіх Паўліна, жонка славутага графа-навукоўца Канстанціна Тышкевіча ўтрымлівала санаторый, дзе вылечвалі паралітыкаў, страўнікава-кішэчныя захворванні, радыкуліт, хваробы вачэй. Сама пані Паўліна добра лячыла вочы той самай гаючай вадой з крыніц. У санаторыі выкарыстоўвалі для лекавых мэтаў мясцовыя гразі, а таксама травы, якія збіралі мясцовыя сяляне і за пэўную плату здавалі графіні. У якасці лекаў у санаторыі прымянялі хваёвую смалу, мазі, настойкі, адвары. Мелася тут свая аптэка і лячэбніца, для здольных дзяцей з сем'яў парабкаў і прыслугі была адкрыта школа, у якой выкладалі нават запрошаныя з-за мяжы настаўнікі. Асобныя выхаванцы школы сталі артыстамі, музыкантамі, мастакамі і працавалі ў графскіх тэатрах, якія дзейнічалі ў Лагойску і Плешчаніцах. Са сценаў графскай школы выйшаў і знакаміты мастак Бычкоўскі.
Мікола СІДАРЭВІЧ, |
||||||||
|
||||||||